СЕДЛАВЫ́ ЦЯГА́Ч,

аўтамабіль без грузавой платформы (цягач), абсталяваны апорна-счапным прыстасаваннем (сядлом) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. Мае павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу. Выкарыстоўваюцца ў складзе аўтапаяздоў, у т. л. самазвальных. На Беларусі С.ц. выпускае Мінскі аўтамабільны завод (першы МАЗ-200В выпускаўся з 1952, мадэрнізаваныя 2- і 3-восевыя — з 1970-х г., 3-восевыя з сям’і МАЗ-6422 — з 1981). Мільённым аўтамабілем, выпушчаным з-дам у 1989, быў С.ц. МАЗ-64221. Гл. таксама МАЗ.

Седлавы цягач «Кенварт» (ЗША) са спальным адсекам.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)